05-10-2010

Пытанні і Адказы

Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?

Я вылучаюся ў прэзыдэнты для таго, каб у беларускага народу была альтэрнатыва існуючай уладзе, каб у Беларусі быў шанец на хрысьціянска-дэмакратычную ўладу.

Як зменяцца падчас Вашага кіравання сярэднія заробкі і пенсіі і чаму?

Лічу, што беларусы павінны зарабляць не менш, чым еўрапейцы. Сярэдні заробак у Беларусі павінен быць не ніжэйшы, чым заробкі ў Польшчы або ў Літве. Гэта ж тычыцца і пенсій. Тое, колькі сёння зарабляюць беларусы з’яўляецца проста прыніжэннем гэтых годных людзей, яны атрымліваюць абсалютна мізэрныя заробкі. З іншага боку існуе вялікая колькасць дармаедаў, якія жывуць за кошт іншых. Павялічыць пэнсіі можна, стварыўшы эфэктыўны пенсійны фонд, якому павінны належаць акцыі самых прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі і частка нерухомасці , якая належыць адміністрацыі прэзыдэнта. Заробкі павялічыць можна, калі правесці належныя рэформы, зьменшыць колькасць чыноўнікаў, карупцыянераў, спецслужбаў. Інвестыцыі ў нашую краіну таксама дадуць магчымасць годных еўрапейскіх заробкаў.

Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Перад тым, як прыватызаваць любыя беларускія прадпрыемствы, нам патрэбна змяніць схему прыватызацыі. На сёння яна вельмі закрытая і карупцыйная. Як толькі мы зробім гэтую схему іншай, калі на роўных у ёй змогуць удзельнічаць і замежныя інвестары, і беларускія бізнэсоўцы, то ў першую чаргу ў такім выпадку трэба прыватызаваць тыя прадпрыемствы, якія сёння не прыносяць прыбытку беларускай дзяржаве. У самую апошнюю чаргу трэба будзе даваць на прыватызацыю буйныя прыбытковыя прадпрыемствы. Што тычыцца такіх прадпрыемстваў як Беларуськалій, нафтаперапрацоўчыя заводы, то, я думаю, што ў бліжэйшы час трэба ўстрымацца ад іх прыватызацыі.

Як зменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Развіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Трэба змяніць заканадаўства і сённяшнюю сістэму цэнаўтварэння ў гэтай галіне, пры якой дзяржава не толькі фактычна мае манаполію на энэргарэсурсы і дыктуе свае кошты. Абсалютна адсутнічаюць зручныя ўмовы для развіцця прыватнай альтэрнатыўнай энэргетыкі. Гэтыя ўмовы найперш мы створым. І трэба дывэрсіфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў у Беларусь, захоўваючы пры гэтым партнёрскія стасункі з Расіяй. Пэўная доля энэргарэсурсаў заўсёды будзе купляцца ў Расеі, але яна не павінна быць большай за 50 адсоткаў.

Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Безумоўна, паўнамоцтвы прэзідэнта Беларусі трэба змяншаць, нам трэба імкнуцца да парлямэнцкай рэспублікі. А як? Паступова. Першым крокам будзе ўнясенне паправак у Канстытуцыю пасля абрання незалежнага дэмакратычнага парлямэнту і паступовае перафарматаванне ўлады, паўнамоцтваў, наданне большай улады парламенту, большай незалежнасці судовай сістэме. Думаю, што за 5 гадоў мы маглі б прыйсці да парламенцкай рэспублікі.

Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Безумоўна, беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай мовай. Толькі шлях да гэтага павінен быць эвалюцыйны і добраахвотны. Лічу, што мы не маем права навязваць беларусам гвалтам ніякія рашэнні, у тым ліку і гвалтоўна прымушаць людзей выкарыстоўваць беларускую мову на працы. Вынікі незаконнага рэферэндуму, на якім было прынятае дзвюхмоўе, мы скасуем, і я магу гарантаваць, што адразу пасьля майго прыходу да ўлады беларуская мова будзе дзяржаўнай, але яе ўвядзенне на працы, на прадпрыемствах, у школах будзе паступовым і добраахвотным. У нас ёсць вельмі добры метад — будзем ствараць фонды, якія будуць заахвочваць і падтрымліваць тых, хто карыстаюцца беларускай мовай на працы.

Якім павінен быць статус бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”, і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сімволіцы?

Як я адказаў у папярэднім пытаньні, мы адменім вынікі рэфэрэндуму, які не быў прызнаны нават міжнароднай супольнасцю, і бел-чырвона-белы сцяг зноў стане дзяржаўным, як і герб “Пагоня”.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразвяз?

Мы будзем праводзіць пасьлядоўную палітыку на паступовую інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскі звяз. Нам трэба імкнуцца да адкрытых адносін з нашымі еўрапейскімі суседзямі. Інтэграцыя ў Эўразвяз для Беларусі непазбежная.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Зараз — не.

Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва смяротнае пакаранне?

Не захаваецца.

Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзідэнта?

Найперш я буду імкнуцца працаваць на гэтай пасадзе як слуга беларускага народу і буду памятаць, што я пастаўлены для служэння, а не для царавання над гэтым народам.

Які будзе Ваш першы ўказ?

Першым указам будуць скасаваныя вынікі рэфэрэндуму аб скасаванні нацыянальнай сімволікі, адным з першых будзе ўказ аб прызначэнні свабодных парламенцкіх выбараў, найбольш важнымі будуць кадравыя прызначэнні — буду прызначаць на пасады прафесіяналаў, якія будуць ажыццяўляць рэформы ў эканоміцы, МУС, адукацыі і іншых галінах. Астатнія ўказы я буду праводзіць, кансультуючыся з гэтай камандай прафесіяналаў.

Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Я магу сказаць адразу, што ніякай помсты Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя рабіць не будзе. А злачынцы будуць пакараныя. З улады яны альбо не з улады. Закон для ўсіх будзе адзін. Калі прадстаўнікі былой улады нарабілі злачынстваў, яны будуць за іх адказваць.

Ваше имя (обязательно)

Ваш E-Mail (обязательно)

Сообщение


Слухайце Віталя Рымашэўскага

Штотыднёва

Аўдыё>>

Кантакты

ў рэгіёнах

© 2010. Віталь Рымашэўскі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта – гіперспасылка абавязкова. Кантакты: vital@rymasheuski.org