28-12-2010

БХД: нягледзячы на арышты, мы не спынім сваю дзейнасць

Сакратар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі падчас прэс-канферэнцыі на офісе БХД заявіў, што, нягледзячы на затрыманне супрацоўнікамі беларускіх сілавых ведамстваў яе вышэйшага кіраўніцтва (сустаршыняў Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і іншых), БХД не будзе спыняць сваю дзейнасць.

Таксама прагучала заява, што экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і яго давераная асоба Павел Севярынец фактычна з’яўляюцца закладнікамі дзейных уладаў, а разгон акцыі апазіцыі 19 снежня Дзяніс Садоўскі назваў справакаванай акцыяй супрацоўнікаў спецслужбаў.

Садоўскі паведаміў, што ўсяго ўлады затрымалі каля 40 сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», у тым ліку затрыманыя шэсць давераных асобаў экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага: Іван Бядко (атрымаў 15 сутак арышту), Ірына Губская ( 10 сутак), Мікалай Дземідзенка (15 сутак), Юры Клімовіч (15 сутак), Таццяна Шамбалава (10 сутак), Зміцер Шурхай (10 сутак – 5 сутак у Берасці і 5 – у Менску – рэд.).

Паводле яго словаў, у сувязі з сітуацыяй, якая склалася, было прынятае рашэнне стварыць экстраны кіроўчы штаб БХД з надаваннем яму функцыяў Управы і Нацыянальнай рады. Гэты штаб будзе дзейнічаць да моманту вызвалення Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца ці да правядзення чарговага з’езду БХД, заявіў Дзяніс Садоўскі.

Ён таксама паведаміў, што падчас выбарчай кампаніі БХД правяла 68 сустрэч з выбаршчыкамі, падчас якіх 24% прысутных (1,8 тыс. чалавек) запісаліся ў аргкамітэт па стварэнні партыі, у той жа час Садоўскі адзначыў складанасці, якія спадарожнічалі правядзенню кампаніі: пастаянная прысутнасць правакатараў, перашкоды пры друкаванні і распаўсюдзе інфармацыі пра Віталя Рымашэўскага.

Паводле словаў сакратара БХД адносна падзеяў 19 снежня, менавіта правакатары далі нагоду спецназу распачаць разгон мірнай дэманстрацыі. У сваю чаргу сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук падкрэсліў, што партыя неаднаразова заяўляла аб выключна мірным характары акцыі 19 снежня ў Мінску. Пра гэта, паводле яго словаў, таксама сведчыць той факт, што падчас шэсця па праспекце Незалежнасці дэманстранты “не разбілі ніводнаго акна, не перавярнулі ніводной сметніцы, не кінулі ніводной снежкі”.

У той жа час сустаршыня БХД паведаміў, што супадзенне заяваў апазіцыі і справаздачы АБСЕ аб фальсіфікацыі выбараў сведчыць аб тым, што ў грамадзян Беларусі былі ўсе падставы выйсці на плошчу, бо ў іх не было “магчымасці супрацьстаяць хлусні законнымі электаральнымі дзеяннямі”.

Георгі Дзмітрук таксама пракаментаваў заяву старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай пра тое, што падчас акцыі 19 снежня апазіцыя “перайшла Рубікон”. “Рубікон уладаў – гэта пяць выбітых шыбаў, які я, як прадпрымальнік, ацаніў бы ў 200 даляраў. Адкуль узяліся афіцыйныя 29 млн. рублёў? Чаму ў Беларусі такія дарагія шыбы?”, – адзначыў сустаршыня БХД. Георгі Дзмітрук таксама лічыць, што сёння беларускія ўлады “спрабуюць выкарыстаць закладнікаў як сродак атрымаць што-небудзь ад замежных уладаў”.

Сустаршыня БХД падзякаваў Сойму Літвы за асуджэнне дзеянняў беларускіх уладаў па разгоне мітынгу апазіцыі. Ён таксама паведаміў аб падтрымцы, выказанай рознымі замежнымі арганізацыямі беларускім хрысціянскім дэмакратам, у сувязі з «такімі брутальнымі дзеяннямі» кіраўніцтва Беларусі.

У сваю чаргу Таццяна Яўгенаўна Севярынец, маці іншага сустаршыні БХД Паўла Севярынца, таксама прысутная на прэс-канферэнцыі, адзначыла, што 19 снежня “людзі ішлі на Плошчу, каб знайсці праўду, але знайшлі здраду і падман”. Яна таксама заявіла, што ўлады рыхтаваліся да разгону апазіцыі задоўга да дня выбараў. “Аўтазакі кожную ноч перад выбарамі трэніраваліся заязджаць на прыступкі перад Домам ўрада”, – адзначыла маці палітыка.

А жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты ад БХД Наста Рымашэўская заклікала прыцягнуць да адказнасці правакатараў, якія дзейнічалі на плошчы. Яна выказала абурэнне заклікам некаторых палітыкаў пра тое,  што трэба весці дыялог з Лукашэнкам на нейкіх умовах: “Пакуль невіноўныя людзі сядзяць у турме, а рэпрэсіі супраць нязгодных працягваюцца, любы дыялог з гэтай антычалавечай уладай – гэта злачынства”.

Артыкулы па тэме:

  1. БХД: Рымашэўскі і Севярынец з’яўляюцца закладнікамі
  2. Пачаліся арышты актывістаў БХД
  3. Кандыдат на пасаду прэзідэнта ад БХД Віталь Рымашэўскі затрыманы
* * *

Калі артыкул вас зацікавіў, падзяліцеся, калі ласка ім з сябрамі:

Апублікаваць у Twitter Напісаць в Facebook Напісаць ВКонтакте Запісаць у свой LiveJournal

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>


Слухайце Віталя Рымашэўскага

Штотыднёва

Аўдыё>>

Кантакты

ў рэгіёнах

© 2010. Віталь Рымашэўскі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта – гіперспасылка абавязкова. Кантакты: vital@rymasheuski.org