18-05-2011

Онлайн з залі суда.Прысуд перанесены на 20 траўня. Апошняе слова Рымашэўскага і іншых падсудных.

thumbnail 1294330318 Онлайн з залі суда.Прысуд перанесены на 20 траўня. Апошняе слова Рымашэўскага і іншых падсудных. Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёну г. Менску прагучыць апошняе слова і будзе вынесены канчатковы прысуд экс-кандыдату ў прэзыдэнты, сустаршыні БХД Віталю Рымашэўскаму, а таксама іншаму былому кандыдату ў прэзідэнты Ўладзімеру Някляеву, маладафронтаўцы Насце Палажанцы і актывістам кампаніі «Гавары праўду!». Пракурор Рымашэўскаму 2 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады. За апошнім днём суда сустаршыні БХД сачыце на нашым сайце онлайн.
14.11 Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня а 16 гадзіне.
14.10 Някляеў кажа далей, што гатовы прыняць прысуд нават за тое, што да плошчы не дайшоў. Ва ўсім іншым ён не вінаваты.
14.09 Судзьдзя патрабуе, каб Някляеў прамаўляў ня зь месца, а падышоў да трыбуны. 13.57 – 14.10 Выступае Някляеў з апошнім словам.
Кажа пра сына сьледчага, які распавёў гісторыю пра свайго сына, які вывучыў па беларуску два словы “дзякуй” і “да пабачэньня”. Гэта катастрофа.
Распавядае, як угаворваў уладу стаць беларускай, пісаў вершы, песьні. Але ўлада кажа, што па-беларуску немагчыма сказаць нічога: толькі па-руску, па-ангелску і па-кітайску. Гэта кажа першы чалавек у краіне.
Але на гэтай мове быў напісаны Статут ВКЛ, першая эўрапейская Канстытуцыя, Францыск Скарына.
Някляеў хоча, каб Расея і Эўропа пабачылі Беларусь не паміж сабой, а побач. Амэрыканцы ня мелі нічога агульнага, але яны займеўшы незалежнасьць, стварылі заможную дзяржаву. А беларусы сталі “рускімі са знакам якасьці”. Што гэта за нацыя такая? Спраўдная любоў ёсьць праўда. Кажа пра ўсьвядомленую нацыянальную ідэю, адказнасьць. Яна вымушае сказаць хоць горкую, але праўду. Я ўдзячны беларусам, якія 19-га выйшлі на плошчу і захавалі годнасьць нацыі. Я прапаную іншае: ўлада адмаўляецца ад рэпрэсій, а мы адмаўляемся ад патрабаваньня новых выбараў.
Узгадвае Янку Купалу і Дуніна-Марцінкевіча, імём якога названа вуліца, дзе знаходзіцца суд. Чытае ўрывак з п’есы Дуніна-Марцынкевіча пра таго, хто не разьняў бойку, як пакараць.
Кажа, што мы павінны выйсьці са шпіталю для душэўна хворых.
13.43 З наступным словам выступае Наста Палажанка.
Тыя людзі, які выйшлі на плошчу, яны выйшлі найперш за вас, судзьдзья і пракурор, каб вы маглі свабодна выносіць рашэньні, абараніць ад чалавека, які топіць краіну ў глыбокую эканамічную, сацыяльную і духоўную багну.
Для мяне гэтыя людзі, якія на лаве падсудных, для мяне вельмі годныя людзі, у прыватнасьці народны паэт. У СІЗА КДБ, калі я вырашыла падтрымаць жанчынак сьпевамі, мы сьпявалі песьні, у тым ліку і Някляева.
У турме я чытала пра годных людзей, дзекабрыстаў, гэтыя людзі, што зараз са мной на лаве падсудных – новыя дзекабрысты.
Наста падзякавала за знаёмства ў тым, хто сядзіць на лаве падсудных.
Я проста неабходная, што ў нашай краіне вельмі патэбная партыя, якая нясе хрысьціянскія каштоўнасці.
Асноўная ідэя ўсіх гэтых сьпектакляў – гэта помста: лідэрам, сваякам і маці, усім свабодным людзям, якія ня маюць страху.
Я таксама магла прамаўчаць і падзякаваць спадару пракурору за ўмоўны тэрмін, мы, хутчэй за ўсё выйдзем сёньня-заўтра з гэтай залі суда, але не дзеля таго, каб быццам выпраўляцца, а каб зрабіць усё магчымае, каб вызваліць тых, хто сядзіць.
Наш прысуд у тым, што мы свабодныя ў сваім сэрцы, а вы ўжо асуджаныя ў сваіх сэрцах на несвабоду.
Я буду прасіць прабачэньня толькі перад Госпадам, а не перад вамі.
13.18 Выступае Андрэй Дзьмітрыеў.Няма магчымасьці выступіць па тэлебачаньні, у іншых месцах – ёсьць магчымасьць толькі выступіць у судзе. Сваё 30-годзьдзе ён сустрэў у судзе, з каменем на сэрцы. Просіць прабачэньня ў Някляева і ўсіх паплечнікаў па лаве падсудных. Надыйдзе час, калі мы даведаемся пра ўсё, што адбывалася.
Параўноўвае паказаньні начальніка ДАІ і дзяўчынкі, якой апалілі валасы. Шчырасьць дзяўчынкі відавочная. Распавядае, як з залі суду вёў “прамую трансляцыю ў інтэрнэт” і атрымаў за гэта шмат падзякаў. У іншых, хто сядзіць, такой магчымасьці не было.
12.50 -13.15 Апошняе слова Віталя Рымашэўскага
Я дзякую суду за магчымасьць сказаць апошняе слова, але спадзяюся, што апошнім яно будзе толькі ў гэтым працэсе, і я яшчэ здолею ў гэтым горадзе, у гэтым сьвеце і ў гэтым жыцьці выказаць сваю думку.
Перадусім кажа пра відэаматэрыялы, сьледчы не далучыў відэаматэрыялы з Плошчы Незалежнасьці, бо яго з Севярынцам не абвінавачвалі ў гэтым, а толькі ў закліку на Кастычніцкую плошчу і выхад на праезжую частку. Але суд глядзеў матэрыялы з плошчы Незалежнасьці. Тады чаму мне перакваліфікавалі справу.
Мне сорамна за нашую судовую сістэму, прашу прабачэньне ў судзьдзі і пракурора, якія вымушаныя ў ёй працаваць зараз.
Чаму абвінавачваньне праігнаравала сьведчаньні шматлікіх сьведкаў з боку абароны, якія казалі, што мы рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня грамадскага парадку.
Я размаўляў з начальнікам ДАІ Карзюком, каб вылучыць частку прасьпекту, каб забясьпечыць рух ня толькі людзей, але і машынаў, а спадар Карзюк перакрыў увесь прасьпект.
Ёсьць чалавек, які сам пра сябе сьведчыў, што ішоў на чале калоны і перакрываў рух транспарту – гэта Д.М. Карзюк. Ён даваў загадзя хлусьлівыя паказаньні, бо толькі ён сьведчыць, што мы ішлі на чале калоны. Ён ня толькі даў хлусьлівыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. Магчыма, ён зараз па-за межамі Беларусі якраз і атрымлівае зараз ад заходніх спонсараў ганарар за арганізацыю Плошчы.
Пра абставіны затрыманьня. Мяне вялі так, што я ўвогуле ня ведаў, дзе я знаходзіўся. Мяне завялі, паклалі тварам на стол. Я сказаў, калі я ў СІЗА КДБ, гэта для мяне гонар, бо ў 30-я гады там сядзела і было закатавана вельмі шмат годных беларусаў.
Я спачуваю судзьдзі і пракурору, бо вельмі б не хацеў знаходзіцца на вашым месцы, я ганаруся, што знаходжуся на лаве падсудных зь вядомым паэтам і ішнымі годнымі людзьмі.
Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці забіць у чалавека веру ў правасудзьдзе, веру ў праўду. Наіўныя вы, наіўны чалавек, які думае, што на Плошчу прывялі людзей чыесьці заклікі, іх прывяла туды прага да Праўды. Яны выйшлі туды за нашу і вашу свабоду, спадар судзьдзя і спадар пракурор. Выйшлі, каб змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем.
Так, туды прыйшлі розныя людзі – у стане алкагольнага апьяненьня, і іншыя, а хтосьці прыйшоў туды на працу, каб выканаць загады.
Жорсткія прысуды накіранаваныя на тое, каб людзі больш не прыйшлі на Плошчу. Але яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу і пакуль у нашай краіне пануе страх і беззаконьне, і пасьля, ужо тады, калі ў нашай краіне будуць свабодныя і справядлівыя выбары, яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу, у памяць пра гэтыя жорсткія разгоны і ахвяры ў змаганьні за праўду.
Засьценкі КДБ у 1936, 1937, 1938 памятаюць ня толькі тых нявінных людзей, якіх расстрэльвалі, але і тых энкавэдзістаў, якія расстрэльвалі раней, а пасьля іншыя расстралялі іх саміх.
Мне просяць умоўнае пакараньне, але выйшаўшы з засьценкаў СІЗА, я адчуў на сабе, што такое ўмоўнае пакараньне. Ня будзе свабоды ні для мяне, ні для маёй сям’і, пакуль ня будзе свабоды ў краіне.
Я адчуваю сваю віну за тое, што зараз у калоніі ўзмоцненага будуць сядзець малыдыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне.
Калі 19-га сьнежня прыйшла інфармацыя, што зьбіты ці забіты Някляеў. Калі мы сёньня спужаемся шумавых гранатаў, заўтра нас будуць страляць з рэвальвераў.
Я дзякую сотням тысячаў веруючых, якія зараз моляцца па ўсёй Беларусі за ўсіх зьняволеных, я хацеў бы хоць колькі быць годным гэтых малітваў.
Свабодныя і спрвядлівыя выбары – гэта вельмі важна. Выбары сапраўды ў нас былі сфальсіфікаваныя, пра гэта сьведчаць і шматлікія вынікі назіраньняў, і вынікі незалежных дасьледваньняў. Але гэта не адзінае, што патрэбна. На свабодных выбарах у Нямеччыне быў абраны Гітлер. Трэба, каб беларускае грамадзтва выбрала тыя каштоўнасьці, якія змаглі б прывесьці да свабоды.
Я не лічу сябе больш годным за спадарыню судзьдзю і пракурора, дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся, зможа стаць у будучыні кіраўніком аркамітэту БХД.
Несумяшчальнае ўшанаваньне забітых у Курапатах і іх забойцаў, Леніна, Дзяржынскага, ідалы якіх стаяць на нашых вуліцах. У Бібліі ёсьць два шляхі: шлях сьмерці і шлях жыцьця. Я заклікаю ўсіх тут прысутных, па абодва бакі лаваў падсудных абраць шлях жыцьця.
12.42 Апошняе слова Аляксандра Фядуты
Фядута пачаў з парадаў яго вучаніцы-псіхолага, якія яна дала яму парады, як паводзіць сябе ў зьняволеньні і вытрымліваць псіхалагічныя катаваньні.
Апошняе слова Фядуты ў форме публіцыстычнага эсэ.
Спрабаваў зрабіць “працу над памылкамі”, судовы працэс дапамог зразумець, што адбылося. Апісвае падзеі на вуліцы Калектарнай. БТ потым зваліць гэта на Саньнікава. Пазьней супрацоўнікі ДАІ скажуць, што гэта былі міліцыянты. Распавядае пра зьбіцьцё і выкраданьне са шпіталя Някляева.
Трапна параўноўвае голас начальніка ДАІ Карзюка з Шаляпіным, які заглушае натоўп і музыку на плошчы. Узгадвае словы сьведкі Коласа, калі назіраў за рухам калёны: было адчуваньне, што запрашаюць “у пастку”. Пераходзіць да валютнага крызісу і старшыні МВФ. Пераходзіць да “нашых памылак”. Яны былі. Трэба ведаць заканадаўства, абламваць асабістыя амбіцыі і слухаць іншых. Змовы не было — штабы ня здолелі дамовіцца. Мы з Халіп, Саньнікавым, Бандарэнкам не размаўлялі зь 2007 года. А дарма. Але нашы родныя сустрэліся ў агульных чэргах, каб здаць перадачы ў “амэрыканку”.
Мы хацелі перамен. Пералічвае вельмі трапна і эмацыйна мэты. Ня здолелі дамагчыся. І справа не ў міністры Куляшове. Справа ў нас. Мы павінны аб’яднацца.
Кажа пра тэрміны, якія далі хлопцам — па 3 – 4 гады. У гэтым ёсьць і ягоная віна. Зробіць усё, каб наступным разам усе ішлі па ходніках.
12.06 – 12.39 Апошняе слова Сяргея Вазьняка
Вазьняк адзін зь лідэра кампаніі “Гавары праўду”. Ён былы афіцэр, на пінжаку ў яго 4 мэдалі камуніст па перакананьнях, таму узгадаў цытату Энгельса – у яго не было часу, каб напісаць коратка. Адзначае, што ўзнагароды не баявыя, тройчы ў год ён апранае ўзнагароды на 23 лютага – так званы дзень нараджэньня Савецкай арміі, 9 траўня і 3 ліпеня – дні Перамогі і вызваленьня Менска ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў.
Кажа, што сёньня спаўняецца роўна год, як яго, Някляева і Дзьмітрыева затрымалі на трое сутак пры нападзе на офіс кампаніі “Гавары праўду”. Някляева трымалі ў пастарунку разам з бамжамі і дэбашырамі.
Кажа па сутнасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Па артыкулу 342 прызнае сваю віну часткова. На сустрэчах з выбарцамі ў Гомельскай вобласьці ён запрашаў грамадзянаў на мірны мітынг. Але гэта адбывалася не праз СМІ. Вазьняк заклікаў толькі да мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Ні да якага шэсьця па праспэкту ён не заклікаў. Зьдзіўлены, што абвінаваўца адзначыў, што ён аказаў непадпарадкаваньне і супраціў. Не разумее гэту фразу абвінаваўцы.
Страты “Менсктрансу” – 159 тысяч рублёў, сьведчаць, што не было грубых парушэньняў руху грамадзкага транспарту. Што да “Макдональдзу”, наадварот, людзі туды перад акцыяўй ішлі ахвотна.
Цытуе Брэжнева і Гегеля пра лёгіку і прычына-выніковыя сувязі, быццам з таго, што ён заклікаў на Плошчу, не вынікае біцьцё шкла на плошчы Незалежнасьці.
Кажа пра невыкананьне службовых абавязкаў праваахоўнымі органамі, якія не спынілі біцьцё шкла ў Доме ўраду. Распавядае пра шматлікія парушэньні падчас выбарчай кампаніі. Спасылаецца на высновы АБСЭ. Пералічвае, што выбары, на яго думку, былі недэмакратычнымі. Прыводзіць канкрэтныя факты, распавядае пра асобныя прыклады.
Распавядае пра фальсіфікацыі на мясцовых выбарах у Менску на ўчастку, дзе ён, як сябра менскай гарадзкой камісіі па выбарах дэпутараў Менскага гарадзкога савету ў красавіку 2010 года. Падліку там ня было. Не саромеючыся яго, сябры камісіі проста напісалі працэнты. Ён тады падпісаў пратакол вынікаў галасваньня з асбалівай думкай. І робіць выснову, што прэзідэнцкія выбары праводзіліся аналагічна.
Абураецца праслухоўваньнем тэлефонаў усіх кандыдатаў і сяброў іх ініцыятыўных груп. Адзін гэты факт, што слухаюць кандыдатаў, сьведчыць пра недэмакратычнасьць выбараў. А размова лідэра Руху “За свабоду!” Аляксандра Мілінкевіча зь Сяргеем Калякіным, – слухаюць усіх. Кажа пра незаконнае праслухоўваньне тэлефонаў ня толькі яго, але шмат якіх людзей, у тым ліку тых, хто не вылучаліся кандыдатамі ў прэзыдэнты і яшчэ не ўвайшоў ні ў які штаб.
Пераходзіць да зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты Някляева, які ў гэты час павінен быць абаронены законам. Кажа, што выбары не сканчаюцца ў 20.00 у дзень галасаваньня, таму ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты да канчатковага падліку галасоў заставаліся імі. Тым ня менш, яны, Някляеў, Рымашэўскі, Саньнікаў былі зьбітыя.
Пажартаваў, што ў яго скончыўся напісаны тэкст. Пераходзіць да эпізоду зь Інай Чэкан — што быццам бы ён даваў непраўдзівыя паказаньні. У грамадзяніна ў Берасьці ў гаражы знаходзяць вялікі пакунак з валютай, які быў раней быццам бы ў кватэры Чэкан. З чаго ўзялі, што гэтыя грошы належалі Вазьняку? Тлумачыць пра гэты эпізод з Інай Чэкан і судзімым рэцыдывістам Брынзам. Ад грошай адмаўляецца — валюта не яго.
11.51 Судовыя спрэчкі завершаныя. Перапынак на 5 хвілін.
11.03 Выступае другая адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка.
Яна пачынае з інцыдэнту на вуліцы Калектарнай, патрабаваньня дагляду аўтамабіляў. Падрабязна апісвае дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ.
Нават са словаў супрацоўнікаў ДАІ вынікае, што Някляеў заклікаў да парадку. Ніякіх дзеяньняў, што тычацца перашкодаў дагляду аўтамабіля, Някляеў не ўчыніў. Але выскокваюць нейкія людзі ў чорным з нецэнзурнай лаянкай і патрабаваньнем усім легчы тварам у сьнег. Людзі гэтыя без апазнавальных знакаў. Яны б’юць Някляева, іншых людзей.
Абвінавачаньне спасылаецца на тое, што грамадзяне не падпарадкаваліся. Хто гэтыя людзі ў чорным, што выскачылі, як чорт з табакеркі?
Што яны рабілі? Затрымлівалі канкрэтных асобаў, што чынілі беспарадкі? Не, кладуць людзей у сьнег, бьюць. Ніхто зь гэтых людзей ня быў дапытаны. Ясна, што мэта ў іх была — канфіскацыя гукаўзмацняльнай апаратуры. Выснова адвакаткі: Някляеў не чыніў перашкоды для агляду аўтамабіля.
Адвакатка іранізуе, што справа вельмі складаная і заблытаная. Яна аналізуе, як была перакваліфікаваная справа ў іншы артыкул. Нідзе не тлумачыцца, што стала з аўтамабілямі і тым, што ў іх нібыта было (штыры, арматура, апаратура).
Цялесныя пашкоджаньні Някляева відавочныя.
Увязваць дзеяньні Някляева з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці недарэчна. Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.
Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.
Адвакатка Сідарэка падрабязна спыняецца на працэсуальных парушэньнях, якія дапусьціла сьледзтва.
Аналізуе відэазапісы, дыскі, якія былі ў матэрыялах справы. Пераходзіць да аналізу тэлефонных размоваў, крытыкуе пратаколы праслухоўваньня. Санкцыянавала праслухоўваньне генпракуратура. Павінна быць пазначана асоба канкрэтная, а ня ўся генпракуратура. Даецца санкцыя на праслухоўваньне двух тэлефонаў, але не пазначаны нумары.
Адзначае нібыта “прыватныя гутаркі” супрацоўнікаў КДБ з абвінавачанымі, іх палохалі цяжкімі артыкуламі і прысудамі. У той жа час абарону да фігурантаў справаы не дапускалі.
Пераходзіць да затрыманьня Някляева, як яго без адзеньня выцягнулі на мароз з рэанімацыі. Нітка да ніткі яму сукамэрнікі сабралі рэчы, каб апрануцца. У сьледчым ізалятары ён перанёс некалькі гіпэртанічных крызаў. Усё сьведчыць пра парушэньне правоў чалавека.
Тамара Сідарэнка кажа пра выступы Някляева па БТ, якія сьведчаць пра заклапочанасьць Някляева лёсам краіны.
Апладысмэнты ў залі. Судзьдзя робіць заўвагу.
10.41 Выступае адвакат Някляева Ўладзімер Букштынаў. Дзякуе сваю калегу Пятровіч за палымяную прамову.
Калі адрынуць з матэрыялаў дзеяньні Някляева ў межах кампаніі “Гавары праўду”, выключыць зьбіцьцё і г. д., то ў сухім астатку застаецца наступнае. Так, Някляеў парушыў закон, заклікаў прыбыць грамадзянаў на несанкцыянавае мерапрыемства. Так, а 19-й гадзіне група Някляева цягам 5 – 7 хвілін прайшла па вуліцы. У астатнім віны Някляева няма. Я выкладу пазыцыю Някляева.
З моманту рэгістрацыі Някляева кандыдатам яму чынілася мноства перашкодаў: машыны затрымліваліся пры выездах у рэгіёны 21 раз!
Ва ўчастковы камісіі не было ўключана ніводнага сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Эфірнага часу ён атрымаў значна менш за свайго галоўнага суперніка. На Ўсебеларускі народны сход яго не пусьцілі.
Адвакат Букштынаў выкладае падрабязна пазыцыю Някляева.
У Някляева не было мэты парушаць грамадзкі парадак. Дзеля гэтага ён зрабіў шэраг захадаў: набыў гукаўзмацняльную апаратуру, спрабаваў дамагчыся перамоваў з парваахоўнымі органамі для выпрацоўкі сумесных захадаў і дзеяньняў для забесьпячэньня парадку. Улады паступілі не па эўрапейскіх стандартах. Мірны мітынг, незалежна ад таго, санкцыянаваны ён ці не, павінен ахоўвацца міліцыяй. А потым ужо ідуць разборкі.
Някляеў хацеў запрасіць на плошчу генэральнага пракурора, каб той стаў гарантам парадку. Але безвынікова — на яго запрашэньне пракурор не адгукнуўся. Някляеў быў жорстка зьбіты яшчэ да пачатку акцыі. Таму пачаў рэалізоўвацца “ня іх сцэнар” . Таму Вазьняк зьмяніў свой статус на статус журналіста, а Фядута наогул сышоў дадому.
Адвакат просіць выключыць з адвінавачаньня Някляева частку першую артыкула 342.
Распавядае пра грубейшае парушэньне права Някляева на абарону. Просіць пракурора вынесьці з гэтай нагоды прыватнае вызначэньне.
Букштынаў не сьцьвярджае, што справа мае палітычны характар, але ад процістаяньня стаміліся ўсе: і ўлады, і грамадзтва. Час пераходзіць да паразуменьня і прымірэньня.
Пераходзіць да асобы Някляева — гэта творца. Таму ў яго абарону выступілі вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва сьвету.
Гучаць апладысмэнты.
10.35 Адвакатка пераходзіць да стратаў, якія нібыта былі ў прадпрыемстваў і арганізацый, што закрыліся падчас акцыі. Аналізуе прамову дзяржаўнага абвінаваўцы. Кажа, што ён агаварыўся, што Наста нібыта была на вуліцы Калектарнай. Што да відэаматэрыялаў, падчас суду быў адзін толькі стоп-кадр, дзе была Палажанка, а гаварыла голасам Статкевіча. Дзе Палажанка на плашчы, дзе яна, узначальвае калёну, дзе яна прамаўляе? Такіх кадраў няма!
Тэлефонныя размовы Насты таксама ні пра што ня сьведчаць. Многія матэрыялы справы атрыманыя з парушэньнем працэсуальных нормаў. Нататнік, дзе былі пазначаны людзі з Баранавічаў, таксама ні пра што ня сьведчыць. Спальныя мяшкі, што былі ў транспартных сродках, не выкарыстоўваліся па прызначэньні.
Наста правяла ў СІЗА КДБ амаль два месяцы. Мне, абаронцы, не ўдалося ні разу наведаць Насту ў СІЗА. На ўсе свае скаргі ў органы я атрымлівала адказы, якія можна назваць зьдзекам.
Адвакатка кажа, што не было забясьпечанае права на абарону.
10.08 Адвакатка Палажанкі тлумаць пра дазвольны прынцып правядзеньня масавых мерапрыемстваў, асаблівасьці беларускага заканадаўства. Пераходзіць на асобу сваёй падабароннай. Наста не зьяўлялася сябрам ініцыятыўнай групы ніводнага кандыдата.
Адвакатка адзначае, што агрэсіўна дзейнічала каля дзесятка асобаў, а на плошчы былі дзесяткі тысяч, якія прыбылі на мірную акцыю. Наста дапамагла толькі сваім сябрам разьмясьціцца на начлег.
У кватэры камфортна магло разьмясьціцца чалавек 5, дык пра якую масаваць можа ісьці гаворка? Тэлефонныя размовы Насты праслухоўваліся цягам трох дзён. Але і па іх можна меркаваць, што яна не была арганізатаркай масавага мерапрыемства. Яна толькі дапамагла некалькім сваім сябрам знайсьці дзе пераначаваць.
Ніякую інфармацыйную кампанію Наста Палажанка не арганізоўвала.
Спыняецца на спальніках, якія не зьяўляюцца доказам арганізацыі масавага мерапрыемства. Пераходзіць да дзеяньняў Насты на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што прадстаўнікоў улады, акрамя ДАІ, на плошчы не было. Гукаўзмацняльнай апаратуры не было. То бок што, плянавалася акцыя цішыні?
Пераконвае, што Наста не выводзіла людзей на праезную частку, не арганізоўвала іх. Не было яе на чале калёны.
Кажа, што на плошчу прыйшоў не натоўп, а людзі, якія самі прынялі рашэньне туды прыйсьці, дабравольна і самастойна.
Грамадзкі транспарт зрабіў мінімальны аб’езд плошчы па суседніх вуліцах. Гэта не было грубым парушэньнем ці спыненьнем руху транспарту.
10.02 Пачынае выступаць адвакатка Кацярына Пятровіч, абаронца Насты Палажанкі. Яна тлумачыць права грамадзянаў на свабоду мітынгаў, сходаў, масавых мерапрыемстваў.
10.00 Сёньня ў працэсе чакаюцца выступы адвакатаў Насты Палажанкі і Ўладзімера Някляева. Потым будуць апошнія словы абвінавачаных. На суд прыйшло вельмі шмат народу, трапілі ня ўсе. Сярод прысутных назіральнікі АБСЭ, дыпляматы, палітык Аляксандар Мілінкевіч, літаратары Ўладзімер Арлоў і Леанід Дранько-Майсюк, старшыня БАЖ Жанна Ліцьвіна ды іншыя.
Нагадаем, пракурор палічыў, што віна Рымашэўскага і іншых абвінавачаных даказаная поўнасьцю, і запатрабаваў ізаляцыі іх ад грамадства ва ўмовах кантроля за іх паводзінамі.
Патрабаваньні пракурора адносна пакараньняў наступныя:
Віталь Рымашэўскі: 2 гады пазбаўленьня волі умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 2 гад ы;
Наста Палажанка: 1,5 гады пазбаўленьня волі умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 1 го д;Уладзімір Някляеў: 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкаў на 2 гады;
Андрэй Дзьмітрыеў: 3 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады; Аляксанд Фядута: 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 2 гады; Сяргей Вазьняк: 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 2 гады.
Абставінаў, зьмякчальных адказнасьць у большасьці абвінавачаных няма, абцяжарвальнае абвінавачваньне: зьдзяйсьненьне злачынства група асобаў па папярэдняй змове. Раней да крымінальнай адказнасьці ніхто прыцягваўся, характарыстыкі па месцы працы здавальняючыя. У Рымашэўскага сьмякчальнымі абставінамі пракорор прызнаў наяўнасьць на ўтрыманьні маленькага непаўнагадовага дзіцяці, але ацягчальнае тое, што ён раней неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці.
Нагадаем, ад 5 траўня працягваецца працэс над экс-кандыдатам у прэзыдэнты сустаршынём БХД Віталем Рымашэўскім, якога судзяць у судзе Фрунзенскага раёну г. Менску разам зь іншым былым кандыдатам у прэзідэнты Ўладзімерам Някляевым, а таксама маладафронтаўкай Настай Палажанкай, актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком. Усіх абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Паводле онлайну радыё “Свабода” і ўласнай інфармацыі прэс-службы БХД.

Артыкулаў па тэме няма

    * * *

    Калі артыкул вас зацікавіў, падзяліцеся, калі ласка ім з сябрамі:

    Апублікаваць у Twitter Напісаць в Facebook Напісаць ВКонтакте Запісаць у свой LiveJournal

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>


Слухайце Віталя Рымашэўскага

Штотыднёва

Аўдыё>>

Кантакты

ў рэгіёнах

© 2010. Віталь Рымашэўскі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта – гіперспасылка абавязкова. Кантакты: vital@rymasheuski.org