08-11-2010

Севярынец: выбаршчыкі ахвотна ставілі подпісы за Віталя Рымашэўскага

Інтэрв’ю з Таццянай Яўгенаўнай Севярынец, кіраўніком Віцебскага абласнога выбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі ад БХД Віталя Рымашэўскага.

Н.К.: Таццяна Яўгенаўна, наша першае пытанне пра вашыя ўражанні пад час збору подпісаў?

Т.Я.: Уражанні насамрэч складаныя. З аднаго боку, я адчуваю гонар за тое, што нам усім усё ж удалося сабраць неабходную колькасць подпісаў за нашага кандыдата. Што ж датычыцца канкрэтна Віцебшчыны, на жаль, тут мы спрацавалі не самым лепшым чынам.

У першую чаргу адказнасць за гэта нясу я як кіраўнік абласнога штабу. Можа я дзе не так размеркавала подпісы, можа паверыла ў актыўнасць усіх сяброў ініцыятыўнай групы. Некаторыя сябры ініцыятыўнай групы адмовіліся збіраць подпісы, спаслаўшыся на ціск на працы ці па месцу вучобы, некаторыя паабяцалі, але не выканалі сваіх абяцанняў. На маю думку, было б лепш, калі яны адразу б адмовіліся ўваходзіць у ініцыятыўную групу Віталя Рымашэўскага, мы тады б на іх проста не разлічвалі. Кожны ў гэты адказны час паказаў, хто ён ёсць на самай справе.

Калі я ўбачыла, якая сітуацыя складваецца ў нас па вобласці, я пастаралася, як магла, яе выправіць. Даводзілася і ў пікетах стаяць, і збіраць подпісы ад дзвярэй да дзвярэй. Я асабіста сабрала 1067 подпісаў за нашага кандыдата, нашы актывісты Сімановіч і Уласаў сабралі больш за 1200 і 800 подпісаў адпаведна. Нядрэнна спрацаваў Наваполацк, асаблівая падзяка за гэта Валерыю Шаўчэнку. Але ў цэлым, на жаль, мы сабралі толькі 60% ад запланаванай колькасці.

Калі ішоў збор подпісаў, я бачыла, як людзі ставіліся да нашага кандыдата. Жанчынам ён падабаўся тым, што ён малады і прыгожы. “Ай, які прыгожанькі!” – усклікалі яны. Некаторым імпанавала тое, што ён мае вышэйшую будаўнічую адукацыю. Шмат хто падпісваўся за Віталя Рымашэўскага таму, што падзяляе погляды Хрысціянскай дэмакратыі. Прычым некаторыя выбаршчыкі самі нас шукалі, каб паставіць свой подпіс за хрысціянскага дэмакрата.

Варта адзначыць, што пад час пікетаў не абыйшлося без правакацый. Прыкра было пачуць, як адна жанчына абазвала нас “ворагамі народа”. Прыйшлося ўступіць з ёй у дыскусію, даказваць, што мы ніякія не ворагі, мы хочам лепшай долі для нашай краіны і яе народа. Пасля яна папрасіла ў нас прабачэння. Па ўсяму відаць, што такія людзі глядзяць толькі дзяржаўныя тэлеканалы, і іх вачыма ўспрымаюць навакольныя падзеі.

Ну, а наогул, Віцебск за апошняе дзесяцігоддзе ніколі такога не бачыў. Каб было столькі кандыдатаў, і ніхто асабліва не перашкаджаў у зборы подпісаў. Таму я лічу, што ў Віталя Рымашэўскага будзе шмат прыхільнікаў і на Віцебшчыне. Мы ўжо заявілі аб сабе як пра палітычную Партыю, пра нас ведаюць па мінулай мясцовай кампаніі, ведаюць, што мы прытрымліваемся хрысціянскіх каштоўнасцей, таму выбаршчыкі ахвотна ставілі подпісы за нашага кандыдата.

Н.К.: А ці былі якія перашкоды з боку ўладных структур?

Т.Я.: Сама ўлада нам не перашкаджала. За нацыянальныя, бел-чырвона-белыя, і партыйныя сцягі не пераследвалі, не было выпадкаў, калі б затрымлівалі сяброў ініцыятыўнай групы.

Што праўда, спадцішка дробныя правакацыі ўсё ж рабіліся. Але стараліся на іх не паддавацца.

Н.К.: Вашы прагнозы наконт далейшай хады кампаніі?

Т.Я.: Калі мы разам стаялі ў пікетах (а ў Віцебску былі пікеты за некалькіх дэмакратычных кандыдатаў), мы падтрымлівалі адзін аднаго і марылі аб тым, каб і нашы кандыдаты гэтак жа дружна сабраліся і дамовіліся паміж сабой. Бо толькі разам мы сіла. А тое, што можа нас аб’яднаць, гэта хрысціянскія каштоўнасці, незалежнасць краіны, свабода. Менавіта на ўсім лепшым, а не на разбэшчанасці, павінна палягаць аб’яднанне.

Зараз ідзе праверка падпісных аркушоў. У Віцебску стаўленне камісій у цэлым карэктнае. Асабліва хочацца адзначыць кіраўніка выбарчай камісіі Чыгуначнага раёна горада Віцебска Івана Аляксандравіча Рэдзько. Шмат каго з сяброў ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага запрасілі ў гэту камісію, каб праясніць сітуацыю са спрэчнымі подпісамі. І калі сябра камісіі змог абараніць гэты подпіс, іншымі словамі, даказаць, што гэты подпіс сапраўдны, гэты подпіс залічваўся.

Я буду і надалей гэтак жа самааддана працаваць! На першым этапе кампаніі мы спрацавалі не зусім добра, мы адчуваем сваю віну, таму на этапе агітацыі проста павінны працаваць, як кажуць, за сябе, і за таго хлопца. А калі ўлады паставяцца да рэгістрацыі аб’ектыўна, то прычын не зарэгістраваць нашага кандыдата я не бачу.

Артыкулаў па тэме няма

    * * *

    Калі артыкул вас зацікавіў, падзяліцеся, калі ласка ім з сябрамі:

    Апублікаваць у Twitter Напісаць в Facebook Напісаць ВКонтакте Запісаць у свой LiveJournal

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>


Слухайце Віталя Рымашэўскага

Штотыднёва

Аўдыё>>

Кантакты

ў рэгіёнах

© 2010. Віталь Рымашэўскі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта – гіперспасылка абавязкова. Кантакты: vital@rymasheuski.org